Smalienszczyna

Smalienszczynski
Текущее время: 01-05, 22:46

Часовой пояс: UTC + 3 часа




Начать новую тему Ответить на тему  [ 1 сообщение ] 
Автор Сообщение
СообщениеДобавлено: 22-08, 17:27 
Не в сети

Зарегистрирован: 24-05, 12:49
Сообщения: 7
На сённяшні дзень беларуская меншасць у Польшчы мае той мінімальны набор умоў, якія мусяць спрыяць яе развіццю. Ужыванне роднай мовы для пазначэння тапаграфічнай інфармацыі і ўласных назваў, свой друк і навучанне, – тыя чыннікі, якія вызначаюць “еўрапейскі” падыход да абароны правоў нацыянальных і этнічных меншасцяў.
Ці дапамогуць гэтыя меры беластоцкім беларусам захавацца ў якасці асобнай нацыянальнасці, а не “праваслаўных палякаў” – іншае пытанне. Разважаць тут можна колькі заўгодна і толькі гіпатэтычна. Па словах варшаўскага лінгвіста Міраслава Янковяка, знаёмага аўтара гэтых радкоў, моўная сітуацыя на Беласточчыне пакуль не можа цешыць: усё менш і менш носьбітаў мовы, усё больш і больш пальшчызны ў паўсядзённай гаворцы. У нумары “Нівы” ад 19 ліпеня, нібы ў дакор беларусам, падаецца матэрыял пра ўвядзенне падвоеных назваў у Пунску – “тутэйшыя” паводзяць сябе рыхтык як пры жыцці нябожчыка Мікалая ІІ Раманава. Што будзе, калі тубыльцы стануць цалкам польскамоўнымі? Ці здолее праваслаўная царква кансалідаваць насельніцтва вакол сваёй нацыянальнасці? Або можа беларусы пойдуць шляхам амаль згубіўшых сваю рэліктавую мову іспанскіх баскаў, самасвядомасці якіх можна толькі пазайздросціць? Хочацца верыць, што беластоцкая моладзь, якая з’язджае з вёсак у гарады, не зрачэцца сваіх каранёў.
Самы благі канец, які б можна было ўявіць для Беласточчыны, добра адлюстроўваецца на прыкладзе паўднёва-заходняй часткі Смаленскага краю, або Беларускай Смаленшчыны, насельніцтва якой яшчэ на пачатку ХХ ст. нічым не адрознівалася ад сваіх суседзяў з Магілёўшчыны і Віцебшчыны.
Смаленчукі з 1514 г., з невялікім перапынкам, знаходзіліся ў складзе чужога дзяржаўнага арганізму – Расіі. Нават калі геасацыёрная мяжа “турмы народаў” пасунулася ў 1772-1795 гг. на захад, насельнікі паўднёва-заходняй Смаленшчыны заставаліся ў этнічных адносінах беларусамі. “Беларусамі” не ў сэнсе нацыянальным, а выключна этнаграфічным. Акружаныя вялікарускай аднавернай большасцю, тутэйшыя вяскоўцы у сваёй “беларускасці” маглі абаперціся толькі на мясцовыя дыялекты і традыцыйную культуру, якія, натуральна, у гэтым ім слаба дапамагалі. Як на поўдні Беласточчыны ўкраінскія моўныя рысы не адыгралі вызначальнай ролі ў канструяванні украінскай нацыянальнай свядомасці мясцовых сялян, так і беларускія этнічныя маркеры Смаленшчыны не спрыялі краёвай “беларусізацыі”.
У сувязі з гэтым цікава прывесці сведчанні вядомага лінгвіста Паўла Растаргуева, які сцвярджаў, што яшчэ ў дарэвалюцыйны час смаленскімі сялянамі выказваліся патрабаванні да настаўнікаў, каб яны звярталі ўвагу і сачылі за мовай вучняў, прывіваючы ім “маскоўскае” вымаўленне.
У 1920-я гг., пад час савецкай “каранізацыі” – палітыцы ўрада РСФСР па пераводзе на родную мову дзяржаўных устаноў “нацменскіх” раёнаў сітуацыя практычна не змянілася. Наадварот, асіміляцыя ахапіла большую колькасць людзей. Да прыкладу, у справаздачы 1932 года па беларусізацыі ў Манастыршчынскім раёне Смаленскай губерні адзначалася, што “… каранізацыя школ за 5 год адчувальных вынікаў не дала, бо мова мясцовага насельніцтва не з’яўляецца беларускай, а нечым сярэднім”. Сухія радкі дакументаў тых дзён малююць нам даволі сумную карціну смаленскай беларушчыны: “... беларускае насельніцтва, у большасці сваёй, ставіцца да мовы індыферэнтна. Бываюць выпадкі актыўнага процідзеяння арганізацыі школ на роднай мове”.
Як ні дзіўна, у міжваенны перыяд на паўднёвым захадзе Смаленшчыны назіраліся і кволыя парасткі нацыянальнай свядомасці. Пасля ўзбуйнення Беларусі ў 1924 годзе, прыпісаныя да Смаленскай губерні РСФСР жыхары, адсылалі прашэнні ва ўрад БССР аб далучэнні іх вёсак да Беларусі. Так зрабіла насельніцтва вёсак Вялікі Рай, Малы Рай і Свірыдаўка Бахоцкай воласці, жыхары Аслянскай воласці і іншых раёнаў Смаленскай губерні. Размежаванне прывяло да штучнага падзелу тэрытарыяльна-адміністрацыйных адзінак, а людзі апынуліся ў нязручнай для гаспадарання і жыцця сітуацыі – тут і трэба шукаць, бадай, асноўную прычыну ўсплёску “нацыянальнай свядомасці” заходніх смаленчукоў. Як на паваеннай Беласточчыне просты селянін гатовы быў запісацца мала не ў юдэі, каб толькі пазбегнуць сталінскага калгаснага раю, так і жыхары смаленска-магілёўскага памежжа аператыўна парабіліся беларусамі абы не езьдзіць далей за Мсціслаў да лекара. Варта падкрэсліць і вышэйшы узровень жыцця ў БССР, бо, напрыклад, на той час стаўкі заработнай платы для 1 разраду ў Смаленскай губерні раўняліся 4 рублям, а ў суседніх паветах Беларусі – 7 рублям.
Не трэба забывацца і на прысутнасць у губерні нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі, як мясцовай, так і прыезджай з БССР. Вядома, што сярод студэнтаў Беларускага зямляцтва ў Смаленску, якое дзейнічала ў 1920-я гг., ураджэнцы Смаленскай губерні складалі каля 20% ад ліку ўсіх яго членаў. Студэнты займаліся беларускай культурна-асветнай працай не толькі сярод сваіх членаў, але і ў вёсках губерні, прапагандуючы пераход людзей на беларускую мову.
Савет па асвеце беларусаў пры мясцовай адміністрацыі, Беларуская секцыя Смаленскага аддзела народнай адукацыі і беларускія школы губерні гартавалі Смаленшчыне нацыянальна свядомыя кадры. Асветная праца дала свой плён і былі прыклады, калі навучэнцы ахвотна займаліся на беларускай мове, а беларуская школа мела аўтарытэт. Праўда, такіх навучальных устаноў было ў параўнанні з іншымі мала.
У 1920-я гады Смаленшчына падаравала Беларусі і трох таленавітых і самабытных літаратараў. Першы – Зміцер Астапенка – быў ураджэнцам вёскі Калеснікі (Хіславіцкі раён Смаленскай вобласці) і напісаў першы беларускі навукова-фантастычны раман “Вызваленне сіл”. Загінуўшы заўчасна ў сталінскіх вязніцах Сяргей Фамін быў прадстаўніком Манастыршыны. Тыповы маладняковец, Фамін спяваў гімн Кастрычніку, барацьбе новага са старым, радасці маладосці. Імя Спірыдона Міхальцова, ён жа Воцьлахім, для Максіма Гарэцкага сведчыла аб тым, што “...беларусізацыя зрабіла значныя крокі, а беларуская культура ... прыцягвае і людзей узгадаваных на іншых культурах, але звязаных з Беларуссю”. Сам пісьменнік быў з Дарагабужскага павета і вельмі добра авалодаў беларускай літаратурнай мовай, пішучы ёю апавяданні.
У 1930-я гг. палітыцы беларусізацыі паўднёва-заходняй Смаленшчыны прыйшоў канец, а яе актывісты зніклі ў шматлікіх ямах прыгарадных лесамасіваў.
Дзе цяпер тая Беларуская Смаленшчына? Яна дажывае свой век разам з сівымі бабулькамі, якія сядзяць самотна пад каравымі таполямі, паабапал клятых яшчэ немцамі няроўных дарог. Сам тэрмін “Беларуская Смаленшчына” ў расійскім друку даўно не ўжываецца, і толькі ў самых аб’ектыўных працах сучасных расійскіх даследчыкаў можна прачытаць, што “в целом ряде элементов культуры и языка западнорусской этнографической группы прослеживается влияние соседнего белорусского населения”. Распрацаваныя яшчэ імперскімі гісторыкамі старыя як свет міфалагемы пра “каменное ожерелье земли русской” і “ключи от Москвы” дапаўняюцца сучаснымі высновамі лінгвістаў і гісторыкаў пра шырокі ўплыў польскай мовы на мясцовыя “заходнерускія” гаворкі і польска-літоўскае ярмо часоў сярэднявечча.
Калісьці Сакрат Яновіч выказаўся вельмі негатыўна супраць развіцця “ўкраінства” на Беласточчыне, адмаўляючы яму ў жыццяздольнасці. Ці будзе новая беларусізацыя Смаленшчыны, ажыццяўляемая шляхам прыватных ініцыятыў ці беларуска-расійскіх дзяржаўных дачыненняў, анахранізмам? Можа нам усім трэба спыніць свой трэнас па “згубленых землях” і абмежавацца навуковай літаратурай? Ці ўсё ж такі варта “абудзіць” мясцовую моладзь, павёўшы яе “пад родным сцягам да светлае будучыні”? Пытанне застаецца адкрытым.
Ф. Беррашэд.


Вернуться к началу
 Профиль  
 
Показать сообщения за:  Поле сортировки  
Начать новую тему Ответить на тему  [ 1 сообщение ] 

Часовой пояс: UTC + 3 часа


Кто сейчас на конференции

Сейчас этот форум просматривают: нет зарегистрированных пользователей и гости: 0


Вы не можете начинать темы
Вы не можете отвечать на сообщения
Вы не можете редактировать свои сообщения
Вы не можете удалять свои сообщения

Найти:
Перейти:  
cron
Powered by Forumenko © 2006–2014
Русская поддержка phpBB